РЭ́ЧЫЦКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну. Дзейнічала ў жн. 1941 — ліст. 1943 у г. Рэчыца Гомельскай вобл. Складалася з 5 груп
(40 чал.): у друкарні (кіраўнік І.Дз.Усхопаў),
канторы «Заготжывёла» (Д.В.Мыткін), гар. управе (М.У.Жыленка), драмтэатры (Г.С.Хумар’ян), камсамольска-маладзёжная на чыг. ст. (П.М.Маркаль). Мела сувязь з партызанамі Рэчыцкай брыгады, укр. злучэння С.А.Каўпака, падп. Гомельскім абкомам і Рэчыцкім райкомам ЛКСМБ. Падпольшчыкі здабывалі для партызан разведданыя, перадавалі ім прадукты харчавання, медыкаменты, бланкі акупац. дакументаў, паперу, друкавалі лістоўкі, праводзілі дыверсіі. У барацьбе супраць ням. фашыстаў загінула 16 падпольшчыкаў. У Рэчыцы на іх магіле помнік.
М.Ф.Шумейка.
т. 14, с. 38
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)